Першы этап рэпетыцыйнага тэсціравання праходзіць у Беларусі

Па сутнасці, гэта старт усёй уступнай кампаніі 2025 года. Нягледзячы на тое, што навучальны год толькі пачаўся, будучыя выпускнікі, якія сур’ёзна настроены на навучанне ў беларускіх ВНУ, ужо сёння маюць магчымасць праверыць свае веды на трываласць.

ЦТ

Па традыцыі рэпетыцыйнае тэсціраванне пачалося ў кастрычніку і будзе праходзіць у тры этапы. Першы тур РТ у гэтым навучальным годзе пройдзе ў кастрычніку – снежні 2024-га. Другая стадыя адкрые новы, 2025-ы, год і працягнецца да лютага, а з сакавіка да красавіка наступнага года будзе праходзіць трэці тур.

Праверыць свае веды будучыя абітурыенты змогуць па 15 прадметах: беларуская і руская мова, матэматыка, фізіка, хімія, біялогія, гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя, геаграфія, замежная мова (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская), грамадазнаўства. Пералік устаноў адукацыі, на базе якіх адкрыюцца пункты правядзення тэсціравання, будзе папаўняцца па меры таго, як з установамі адукацыі будуць заключацца адпаведныя дагаворы. Спецыялісты звяртаюць увагу ўдзельнікаў РТ на тое, што па яго выніках сертыфікаты не выдаюцца. Мэта такога тэсціравання – даць магчымасць будучым абітурыентам паспрабаваць свае сілы ў выкананні заданняў, якія ім давядзецца вырашаць як на цэнтралізаваным экзамене, так і на галоўным тэсціраванні. Школьнікі змогуць не толькі рэальна ацаніць свае веды, але і параўнаць атрыманыя на тэсціраванні вынікі са школьнымі ацэнкамі па прадмеце.

Першай ахвотных праверыць свае веды прыняла галоўная ВНУ краіны: 8 кастрычніка іспыты пачаліся ў ліцэі БДУ імя Ф. Э. Дзяржынскага і працягваліся ўвесь тыдзень, у тым ліку і ў выхадныя дні. 14 кастрычніка эстафету прыняў Інстытут дадатковай адукацыі БДУ, следам падключыліся іншыя ВНУ краіны.

Мы звязаліся з начальнікам навучальнага цэнтра даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Інстытута дадатковай адукацыі БДУ Вадзімам Міцянковым, каб даведацца, як праходзіць першы этап рэпетыцыйнага тэсціравання.

– Вадзім Іванавіч, у каго першы этап тэсціравання выклікаў найбольшую цікавасць?

– Мяркуючы па тым, што ўсе месцы для праходжання іспытаў былі поўнасцю запоўнены, попыт на гэты від папярэдняга выпрабавання не падае. У пераважнай большасці заяўкі на яго падалі старшакласнікі – будучыя выпускнікі і абітурыенты, а таксама выпускнікі мінулых гадоў, якія не паступілі ў ВНУ. Паспрабаваць свае сілы па рускай мове прыходзілі і дзевяцікласнікі. Скажу больш: на рэпетыцыйнае тэсціраванне прыходзяць і настаўнікі сярэдніх школ. Нават бацькі школьнікаў выказвалі жаданне прайсці яго. Каб дзяцей падтрымаць, ды і свае веды праверыць – ім жа таксама пэўным чынам трэба прайсці праз усе ўступныя іспыты…

– Рэпетыцыйнае тэсціраванне праходзіць не адзін год. Наколькі ўдзел у ім уплывае на вынікі цэнтралізаванага тэсціравання? Ці ёсць прагрэс?

– Мяркуйце самі, у 2024 годзе на цэнтралізаваным тэсціраванні 695 работ атрымалі 100 балаў, летась гэтая лічба была 600. Вядома, прагрэс ёсць. І, вядома, пэўная доля ўкладу ў яго – за рэпетыцыйным тэсціраваннем. Удзел у ім дазваляе старшакласнікам пазнаёміцца з тэматыкай тэставых заданняў, праверыць узровень ведаў па выбраных вучэбных прадметах і пракантраляваць дынаміку ўстаранення недохопаў па раней вывучаным матэрыяле, а таксама вызначыцца з выбарам прафесіі і ўстановы адукацыі для паступлення.

Акрамя таго, ёсць шэраг так званых тэхнічных пытанняў, якія на асноўным іспыце могуць адабраць і нервы, і час. На рэпетыцыйным тэсціраванні можна і важна «адрэпеціраваць» тэхналогію запаўнення бланка, адмены адказаў і гэтак далей. Акрамя таго, абітурыент, прайшоўшы РТ, будзе ведаць, колькі часу адведзена на праходжанне таго ці іншага тэсту, і падрыхтуецца так, каб у гэты час укласціся.

– Якія прадметы на рэпетыцыйным тэсціраванні самыя папулярныя?

– Руская мова, матэматыка, англійская мова, грамадазнаўства. На жаль, колькасць удзельнікаў па беларускай мове мае тэндэнцыю да зніжэння. Але ёсць і станоўчы момант – гэта свядомы выбар абітурыентаў, якія здаюць беларускую мову. Як вынік – дастаткова высокі сярэдні бал па гэтым прадмеце на цэнтралізаваным тэсціраванні 2024 года – 40,6 бала.

А зараз – некалькі важных нюансаў для тых, хто толькі рыхтуецца да рэпетыцыйнага тэсціравання. Умовы на РТ такія ж, як і на ЦТ, спазняцца на «рэпетыцыю» нельга. На выкананне кожнага тэста даецца розная колькасць часу. Напрыклад, па 90 хвілін – для напісання тэстаў па гісторыі Беларусі, грамадазнаўстве, сусветнай гісторыі і геаграфіі. У тэстах па гэтых прадметах – па 38 заданняў: 16 – у частцы «А», 22 – у частцы «В». Найбольшая колькасць часу прадугледжана на здачу фізікі і матэматыкі – па 210 хвілін, пры гэтым там усяго 30 заданняў – у суадносінах 10 да 20 у разрэзе частак «А» і «В». З замежнымі мовамі трэба справіцца за 120 хвілін. Пры гэтым тут у тэстах больш за ўсё заданняў – сорак: 18 – з часткі «А», 22 – з часткі «В».

Апрацоўка бланкаў адказаў і выдача вынікаў ажыццяўляецца па той жа тэхналогіі, што і ў ходзе ЦТ. Пасля заканчэння рэпетыцыйнага тэсціравання кожны ўдзельнік атрымлівае рашэнне заданняў. Такім чынам даецца магчымасць правесці работу над памылкамі і падцягнуць слабыя месцы перад тым, як ісці на ЦТ.

Опубликовано:
17 октября 2024
Просмотров:
28
Категория:
Хештеги:
Поделиться в соцсетях: